У аграгарадку Стары Дворац зладзілі традыцыйнае свята «Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу», якое з’яўляецца сучасным увасабленнем даўніх абрадаў нашых продкаў па ўшанаванню расліннасці – носьбіту жыватворчай моцы зямлі і сонца. Сёмуха адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня і сімвалізуе канец вясны і пачатак лета.

Дакрануцца да традыцый
Вось ужо шаснаццаты год «Старадварэцкая Сёмуха» знаёміць вяскоўцаў і гасцей аграгарадка з традыцыямі фальклорнага свята. Работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Стары Дворац пры падтрымцы мясцовага сельгаспрадпрыемства – аграфірмы «Стары Дворац» РУП «Гроднаэнерга» праводзяць гэты прыгожы фэст, каб даць цудоўную магчымасць усім жадаючым дакрануцца да традыцый продкаў, адчуць асалоду ад беларускай песні і проста прыемна адпачыць.
Сёмуха − адно з самых любімых у народзе святаў, бо менавіта ў гэты час наступае сапраўднае лета, з сонцам, цяплом, новымі спадзяваннямі, з зелянінай, водарам свежага сена і недаспелага яшчэ жыта. У даўнія часы людзі ўпрыгожвалі свае хаты і падворкі бярозавымі галінкамі, падлогу ў хаце засцілалі свежым аерам. Зеляніну таксама асвячалі ў храмах. Часта на Сёмуху спраўлялі вяселлі. У гэты дзень дзяўчаты варажылі: плялі вянкі, «завівалі» іх на бярозах, спускалі па рацэ, вадзілі карагоды. А яшчэ гэта свята, якое год ад году ўзнаўляла адвечнае жаданне хлебаробаў мець добры плён ад урадлівай нівы і клопату сваіх рук.
«Куміліся» і «завівалі бярозкі»
«Зялёнымі святкамі» гэтыя дні нашы продкі ахрысцілі нездарма. Сёмуха святкавалася тады, калі ўсё вакол было зялёным. З дапамогай юных удзельнікаў фальклорнага аматарскага аб’яднання «Дударочкі» філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Стары Дворац самыя прыгожыя і відовішчныя абрады «ваджэння куста», «завівання бярозак» і «кумавання» ажылі на імправізаванай сцэне свята, упрыгожанай галінкамі бярозы. Сама віноўніца ўрачыстасці – бяроза – была ўстаноўлена на ганаровым месцы ў цэнтры адкрытай пляцоўкі.




Дзяўчаты ўпрыгожылі бярозку стужкамі, зладзілі карагод вакол яе і загадалі жаданне. Госці свята з задавальненнем далучыліся да дзейства.









Не меньш цікавым быў і абрад «кумавання»: дзяўчаты абмяняліся вяночкамі, абяцаючы захоўваць сяброўства і добрыя адносіны.

Лілася народная песня
Традыцыйна на Сёмуху ў Стары Дворац з’язджаюцца фальклорныя калектывы нашага і суседніх раёнаў. Сёлета сваёй творчасцю з мясцовымі жыхарамі падзяліліся артысты народнага ансамбля народнай песні «Бераставіцкія музыкі» Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, народнага ансамбля польскай песні «Стакроткі» філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Макараўцы і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь – народны ансамбль народнай песні «Бліскавіца» філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга».







Яркія каларытныя выступленні калектываў упрыгожылі свята і падарылі ўсім пазітыўныя эмоцыі і ўзнёслы настрой.

На любы густ
Зарад бадзёрасці і пазітыўнага настрою самым маленькім гасцям свята дадала забаўляльная гульнявая праграма, падрыхтаваная Вярэйкаўскім Домам культуры. Цікавыя спаборніцтвы, рухомыя гульні і танцы не панікулі нікога абыякавым.








Юных жыхароў аграгарадка было не адарваць і ад дзіцячых атракцыёнаў – горкі, батута, катання на конях і іншых забаў. Працавалі гандлёвыя кропкі, дзе можна было набыць папкорн, салодкую вату і напоі, а таксама розныя цацкі.






















Аднак галоўным сюрпрызам для маленькіх гасцей мерапрыемства стаў водны фантан, які падрыхтавалі супрацоўнікі Бераставіцкага РАНС. Зарад бадзёрасці і весялосці атрымаў кожны.







На свяце Сёмухі можна было набыць і сувеніры ручной работы ад майстроў-рамеснікаў. Увазе вяскоўцаў была прадстаўлена выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Бераставіцкага Дома рамёстваў, а таксама рамесніка Алены Яўсеевай. Дзейнічала бяспройгрышная латарэя.







Не абышлося і без візітоўкі «Старадварэцкай Сёмухі» – частавання традыцыйнымі стравамі – кашай, яечняй «па-старадварэцку», духмяным печывам, гарбатай і, нават, ухой. Тут яны асабліва смачныя, проста пальчыкі абліжаш!




Свята атрымалася на славу. Сапраўды, «Старадварэцкая Сёмуха» гудзела на ўсю ваколіцу. Яркія ўражанні і радасныя эмоцыі яшчэ доўгі час будуць саграваць сэрцы дзяцей і дарослых, якія ў гэты дзень змаглі стаць неад’емнай часткай беларускай культуры.